У Гародні ўшанавалі памяць літаратара Эдуарда Мазько



Вечарына памяці Эдуарда Мазько прайшла ў гарадзенскай арт-галерэі „Крыга”. Нагодай стала яго 45-годдзе – столькі б яму споўнілася, калі б 4 гады таму ён заўчасна не памёр.

Згадвалі паэта – гісторык, выкладчык купалаўскага ўніверсітэта, калегі, суседзі.

Кажа адзін з удзельнікаў вечарыны:

– Мінула чатыры гады, як не стала аднаго з лепшых гарадзенскіх паэтаў, акурат 29 жніўня Эдзіку Мазько споўнілася б 45 гадоў. Вырашылі такой творчай кампаніяй збірацца штогод. Мы і так збіраліся, калі Эдзік быў жывы, а ўжо чатыры гады збіраемся без яго, і добрым словам, літаратурным словам, мастацкім, збіраемся адзначыць гэтую дату.

Эдуард быў першым, хто навуковымі даследваннямі адрадзіў памяць пра Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю – магутны рух, які існаваў у міжваеннай Заходняй Беларусі. Яго працы былі шырока вядомыя ў Літве ды Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня