У Гародні ўсталёўваюць інфастэнды пра гісторыю вуліц і аб’ектаў



У Гародні пачалася ўстаноўка адмысловых стэндаў для турыстаў і гараджан, якія раскажуць пра цікавыя моманты гісторыі асноўных гарадскіх славутасцяў.

Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар гарадзенскага прадпрыемства „Гарсвятло” Алег Дабравольскі. Прадпрыемства „Гарсвятло” ўстанавіла пяць першых інфармацыйных таблічак ля асноўных славутасцяў. Выкананыя ў выглядзе пюпітраў, яны распавядаюць на трох мовах як пра самую славутасць, вуліцу, архітэктурны аб’ект або ансамбль, так і пра цікавыя моманты з іх гісторыі.

Кароткая даведка падрыхтавана аўтарытэтнымі гісторыкамі, ўзгоднена са спецыялістамі Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Дапаўняецца тэкст гістарычнымі фатаграфіямі і малюнкамі, якія паказваюць, як папулярны ў турыстаў аб’ект выглядаў раней.

„Першыя пюпітры ўсталявалі ля гарадзенскіх замкаў, пажарнай каланчы, на вуліцы Замкавай і на Савецкай плошчы. На наступным тыдні работы па іх усталёўцы будуць працягвацца”, – адзначыў Алег Дабравольскі. Як планавалася, у гістарычным цэнтры Гародні з’явіцца не менш за пятнаццаць такіх стэндаў.

Раней у Гародні пачалі ўсталёўваць таблічкі з гістарычнымі назвамі вуліц. На таблічцы побач з сучаснай назвай на беларускай мове прадстаўлена гістарычная назва вуліцы і перыяд, калі яна ўжывалася.

На першапачатковым этапе падобныя шыльды з’явяцца на 16 вуліцах у гістарычнай частцы горада: сярод іх Вялікая Траецкая, Гараднічанская, Карла Маркса, Кірава, Ажэшкі, Урыцкага і іншыя. У распрацоўцы знаходзіцца яшчэ 27 вуліц.

Акрамя таго, ля чыгуначнага вакзала ў Гародні можа з’явіцца скульптура па матывах фільма „Міколка-паравоз”. Гэтая ідэя – адзін з крокаў па далейшым развіцці ў Гародні канцэпцыі па прэзентацыі кінематаграфічнага мінулага горада. У 2016 годзе ў абласным цэнтры заклалі Алею кіно, на якой у бліжэйшы час збіраюцца ўвекавечыць гісторыю 12 найбольш вядомых кінастужак, якія здымаліся тут.

Вывучаюцца дызайнерскія рашэнні па інфармацыйных планшэтах з анатацыяй да гэтых стужак, распрацоўваюцца турыстычныя маршруты па мясцінах, звязаных з гісторыяй кіно, тэматычныя сувеніры.

Фота Леаніда Шчаглова