У Гародні выступіў гурт з Ізраіля



У гарадзенскай кавярні “Андэграўнд” адбыўся невялічкі фэст цяжкай рок-музыкі. Панкі з Менска “Chaos Machine” распачалі імпрэзу. Іх выступ быў як тэатральнае прадстаўленне: усе былі ў розных масках і дзіўных строях. Адзін з самых старых гарадзенскіх трэш-гуртоў “Next” здзівіў сваім гукам. А хэдлайнерам канцэрта быў гурт з Ізраіля “Black Sachbak”, які адмыслова завітаў ў Гародню пасля выступаў у Расеі.

Чым спадабалася музыкам Беларусь – яны распавялі слухачам Беларускага Радыё Рацыя:

– У Беларусі вельмі добрыя людзі. Магчыма, іх не так шмат, але ўсё яны добрыя. Тут адчуваецца сапраўдны дух хардкору і панку, адчуваецца адзінства.

Панкі з Тэль-Авіва “Black Sachbak” пасля Гародні рушылі ў еўрапейскае турнэ. Іх чакае каля дзясятка выступаў ў Нямеччыне ды Чэхіі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня