У Гародні знікла рарытэтная ходнікавая плітка



Ходнікавая плітка мінулага і пазамінулага стагоддзяў у Гародні знікла. Пасля яе дэмантажу дзясяць гадоў таму гарадзенскія чыноўнікі  пераконвалі грамадскасць, што плітка захоўваецца ў складскім памяшканні гісторыка-археалагічнага музея.

IMG_3028

Пасля сустрэчы з намеснікам старшыні аблвыканкаму Віктарам Лісковічам, сябры ТБМ атрымалі дазвол зрабіць аўдыт наяўнай гістарычнай пліткі. Большасць з таго, што засталося, аказалася… вытворчым друзам. Сябры ТБМ знайшлі толькі адну плітку дзевятнаццатага стагоддзя „Ашкеназі Гродна 1882 год” і каля двух дзясяткаў плітак міжваеннага часу – кажа Аляксандр Місцюкевіч:

– Па сцвярджэнні Вярсоцкага, які тады ўзачальваў аддзел культуры, гэтую плітку знялі і адвезлі ў Гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей, дырэктарам якога з’яўляецца Юрый Кітурка. Але яе там няма. Пытанне захавання ўздымалася вельмі даўно. І дзесьці гадоў 10 таму мы пачалі яе шукаць, каб яна зусім не знікла.

Гістарычная плітка Гародні не лічыцца малымі архітэктурнымі формамі, запэўнілі супрацоўнікі гісторыка-археалагічнага музея. Яна каштоўная толькі тады, калі ляжыць на сваім першапачатковым месцы. Атрымліваецца, што  за яе пашкоджанне пры дэмантажы, камунальнікі не нясуць адказнасці ў рамках нанясення шкоды гісторыка-культурнай спадчыне.

У Гародні засталося зусім мала месцаў, дзе гістарычная плітка захавалася.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: архіўныя здымкі гістарычнай пліткі канца дзевятнаццатага стагоддзя.