У Гародні з’явіцца першы ў Беларусі слоўнік мовы рухаў сабак



Гарадзенскі фатограф Наталля Бакей анансавала з’яўленне першага візуальнага слоўніка мовы рухаў сабак. Першай жывёлай, адлюстраванай у імправізаваным слоўніку, стала былая жыхарка пункта часовага ўтрымання гарадзенскай спецаўтагаспадаркі аўчарка па мянушцы Рычард.

s2 5

Праца, па якой рабіўся гэты слоўнік,  заснаваная на даследаваннях Чарльза Дарвіна і іншых навукоўцаў у галіне паводзінаў жывёл.

Пра мэты стварэння гэтага слоўніка Наталля Бакей распавяла Беларускаму Радыё Рацыя:

– Для людзей, якія ніколі не мелі хатніх жывёл, але хацелі б, гэта можа стаць падказкай. Бо калі ты добра ведаеш жывёлу, па ягоных рухах ці міміцы  ты заўсёды яго зможаш зразумець. І для дасведчаных сабакаводаў ці аматараў катоў гэта не з’яўляецца адкрыццём. Магчыма прагляд гэтых фотаздымкаў падштурхне да таго, што нехта захоча знайсці сабе сябра ў прытулку.

Арганізатары стварэння гэтага слоўніка лічаць, што з’яўленне гэтага іструмента разумення сабакаў можа аказаць вялікі ўплыў на разуменне гаспадарамі сваіх гадаванцаў і палепшыць разуменне людзьмі паводзінаў сабак у самых розных сітуацыях.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня