У гасцях у Лепельскага Цмока



У Лепелі прайшоў ужо трэці па ліку фестываль міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока”.  У гэтым годзе ён набыў міжнародны статус. У ім прынялі ўдзел госці з Латвіі, Індыі, Японіі ды іншых краін.

fest_lepel_1

Паводле  галоўнага арганізатара свята, інструктара-метадыста Лепельскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Вольгі Маханенкі, турысты зараз актыўна пачалі цікавіцца беларускімі традыцыямі, культурай, міфалогіяй.

– Ім вельмі цікавая міфалогія, таму што міфалогія – гэта тое, што аб’ядноўвае розныя краіны. Тыя ж самыя персанажы, тыя ж самыя міфічныя героі ёсць па ўсім свеце, толькі пад рознымі імёнамі. У 2010 годзе мы выйшлі з прапановай: а давайце зробім скульптуру цмока на беразе нашага возера. Мы прадставілі скульптуру, а пасля пачалі яе распрацоўваць. І з’явілася ініцыятыва правядзення фестывалю, бо фестываль – гэта такі фармат, на які можна запрасіць больш людзей.

Падчас фестывалю міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока” прысутныя маглі паспрабаваць нацыянальныя беларускія стравы і напоі, набыць сувеніры і адзенне з нацыянальнай сімволікай.  Лідар этна-гурта “Vuraj” з усімі жадаючымі развучыў беларускія песні і танцы. Аматары індыйскіх танцаў таксама атрымалі майстар-клас ад прафесійнага харэографа з “Балівуда”.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя