У Глыбокім дэманстравалі народныя строі



“Зараджэнне майстэрства” – тэатралізаванае прадстаўленне пад такой назвай адбылося ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці.

kastjum-20

Падчас мерапрыемства  прайшла дэманстрацыя мясцовых старадаўніх народных касцюмаў, створаных майстрамі Глыбоцкага дома рамёстваў. Імпрэза была прымеркаваная да Году культуры.

Па словах майстроў, якія займаліся рэканструкцыяй строяў, самым складаным было знайсці інфармацыю, давялося зрабіць шмат экспедыцый, а матэрыялу назбіралася не так і шмат. Але і выраб самога касцюма – нялёгкая справа.

– Гэта вельмі цяжкая праца, таксама трэба шмат грошай укласці, каб зрабіць дасканалы строй. Усё сшываецца ўручную.

– Мы шукалі матэрыялы, аднаўлялі іх. Мне давялося вышываць бісерам гарсэт. Калі апранаеш народныя строі, а ў мяне быў вобраз паненкі, адчуваеш сябе сапраўднай паненкай!

– Было цяжка, але вельмі хацелася зрабіць касцюм такім, якім ён быў насамрэч. Гэта для мяне было важна. Я лічу, калі ўзяўся за справу, трэба рабіць яе дасканала.

На першым абласным свяце-конкурсе народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства”, які праходзіў у Сянно напрыканцы мінулага года, глыбоцкі касцюм заняў другое месца. Майстры Глыбоччыны былі ўганараваныя  Дыпломам у намінацыі “Рэканструкцыя традыцыйнага ладу рэгіёна”.

На конкурс  Глыбоцкі дом рамёстваў прадставіў рэканструкцыю касцюмаў Х-ХІІ стагоддзяў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара