У Глыбокім прайшоў “Альгердаў шлях”



“Альгердаў шлях” – свята для дзяцей і моладзі пад такой назвай зладзіў у Глыбоцкім Доме рамёстваў метадыст гэтай установы, майстар па дрэве Віктар Дудкевіч.

al_shljah_19

Ён запрасіў ваярскі гістарычны клуб “Гівойт” разам з музыкам-дударом з Менску. Яны распавялі пра сярэднявечныя часы, далі паказальны бой і правялі майстар-клас па сярэднявечных танцах.

Як кажа Віктар Дудкевіч, вельмі важна, каб дзеці з маленства ведалі сваю беларускую гісторыю  і маглі бавіць час у нацыянальных традыцыях:

– Зладзілі такое свята, каб паказаць нашую гісторыю, навучыць любіць Радзіму. У  нас вельмі шмат традыцый. Таксама мы  хацелі паказаць, як можна цікава бавіць час.

Падчас свята прысутныя дзеці  спаборнічалі на мячах, стралялі з лука, танчылі сярэднявечныя танцы разам з рыцарамі і бацькамі, а таксама ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах. Скончылася мерапрыемства агульным пачастункам ля вогнішча і ўручэннем падарункаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтара