У Гомелі адраджаецца габрэйская песня



„Гомельскі ансамбль габрэйскай музыкі” прэзентаваў песні на іўрыце, ідыш і беларускай мове перад слухачамі моўных курсаў „Мова Нанова”.

74974_800843933352955_1838620848006518566_n

У рэпертуары ансамбля „Гомельскай габрэйскай музыкі” пад кіраўніцтвам Сямёна Клейнера – інструментальныя песні кампазітараў Беларусі, Ізраіля, Расеі, Венгрыі і Аргентыны. Але асаблівую ўвагу музыкі надаюць габрэйскім народным песням і рэлігійным творам.

У пачатку 2000-х гадоў у Гомелі існаваў ансамбль габрэйскай музыкі, але ўдзельнікі калектыва разышліся ў поглядах адносна творчага напрамку. Частка музыкаў паступова перайшла да выканання псеўдагабрэйскай музыкі, якая па сваім гучанні была больш набліжанай да постсавецкага шансону. Такі варыянт не задаволіў гітарыста і блок-флейтыста Сямёна Клейнера. Ён ініцыяваў стварэнне новага ансамбля.

„Гомельскі ансамбль габрэйскай музыкі” у цяперашнім выглядзе паўстаў у 2004 годзе. За гэты час гурт удзельнічаў у некалькіх міжнародных фестывалях габрэйскай музыкі. У тым ліку ў статусным „Клезфэсце”, які праходзіў у 2007 годзе ў расейскім Санкт-Пецярбургу.

Кіраўнік ансамбля Сямён Клейнер лічыць гомельскую гарадскую культуру непаўнавартаснай без габрэйскай музыкі.

Сямён Клейнер:

– Наогул адзін з асноўных матываў нашага існавання — гэта тое, што я вельмі люблю Гомель, а горад без культуры ўявіць цяжка. Музычная культура таксама складаецца з пэўных фрагментаў. Калі не будзе хапаць габрэйскай музыкі, то гарадская прастора будзе непаўнавартаснай. Я не магу сабе гэта дазволіць. 

Асноўным месцам працы вакалісткі калектыву Віты Гуцінай з’яўляецца школа, дзе яна выкладае замежныя мовы дзецям. Вольны час дзяўчына прысвячае спевам у ансамблі „Гомельскай габрэйскай музыкі”.

Віта Гуціна:

– Я нарадзілася ў Гомелі, але дзяцінства прайшло маё ў горадзе Мсціслаўлі Магілёўскай вобласці. Там я хадзіла ў музычную школу. Для мяне песні – гэта хобі. У нашых песнях спяваецца пра каханне, пра жыццё людзей. Напрыклад, у песні „Чароўны сад” апавядаецца пра дзяўчыну, якая прапаноўвае свайму хлопцу ўцячы ў чароўны сад. „Мірэлэ” – гэта песня пра дзяўчыну, якая ўсё выбірае сабе жаніхоў, ніяк не можа вызначыцца з гэтым выбарам, таму застаецца адна.

20 сакавіка ў „Гомельскім гарадскім цэнтры культуры” адбудзецца канцэрт „Ансамбля габрэйскай музыкі” пад кіраўніцтвам Сямёна Клейнера. Музыкі абяцаюць жывы гук і забаўляльную праграму з габрэйскімі жартамі і анекдотамі.

^329F0ED913B9CA9906DD3ADEE2F5D71593BB15618A1CFAD295^pimgpsh_fullsize_distr

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель