Набажэнства ў гонар Уладзіміра Мулявіна ў Каложы (абноўлена)



Гарадзенскія вернікі адзначылі 75-годдзе з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Уладзіміра Мулявіна набажэнствам у Каложскай царкве. На службе прысутнічалі як тыя, хто асабіста ведаў беларускага песняра, так і прыхільнікі ягонага таленту. Як зазначыў клірык Барыса-Глебскай царквы святар Ігар Данільчык, постаць Уладзіміра Мулявіна з’яўляецца адметнай для беларускай культуры і духоўнай спадчыны краіны:

– Чалавек, будучы рускім паводле нацыянальнасці, прыехаўшы ў нашую краіну Беларусь, усёй сваёй душою, усім сваім сэрцам успрыняў беларускую культуру, беларускую мову, беларускі фальклор, стварыў легендарны ансамбль «Песняры», і зараз яго імя стаіць побач з такімі знакамітымі імёнамі дзеячоў беларускай культуры як Якуб Колас і Янка Купала.

У свой час Уладзімір Мулявін прыняў актыўны ўдзел у фінансаванні працаў па стварэнню іканастаса Каложскай Барыса-Глебскай царквы. Ён заўсёды наведваў службы ў самым старажытным праваслаўным храме краіны калі прыяжджаў у горад над Нёманам.

Беларускае Радыё Рацыя