У Канах прэзентуюць беларускі фільм



Мітры Сямёнаў-Алейнікаў прзентуе свой кароткаметражны фільм “Адной крыві” на Канскім кінафестывалі. Фільм можна пабачыць у секцыі “The Short Film Corner”. Гэта своеасаблівая біржа фільмаў, якая праходзіць у межах фестывалю.

Мерапрыемства прыцягвае асяроддзе прафесіяналаў звязаных з кароткаметражнымі фільмамі з усяго свету. Але сам удзел у біржы – гэта толькі пачатак працы, якую трэба рабіць, кажа рэжысёр Мітры Сямёнаў-Алейнікаў:

– Мне вельмі цяжка сказаць, што хтосьці бачыў яго ці не бачыў. Там стаяць хлопцы, яны рэкламуюць свае фільмы, на падыходзе раздаюць розныя флаеры, пачынаюць знаёміцца і г. д. Іх там проста вельмі шмат у гэтым каталозе, у прынцыпе трэба проста заняцца тым, каб людзі ведалі пра яго.

Рэклама фільмаў праходзіць на месцы і ў інтэрнэце. 25-гадовы рэжысёр з Беларусі Мітры Сямёнаў-Алейнікаў на фестывалі ўпершыню. Каны – гэта сталіца сусветнага кінематографу, дзе ў час правядзення фестывалю можна сустрэць такіх сусветна вядомых рэжысёраў, як Педра Альмадовар, Джым Джармуш ці Вудзі Ален, кажа Алейнікаў:

– Яны ўсе таксама людзі, хоць такое ўражанне, што тут усе ставяцца да іх як да багоў. Людзі збіраюцца, чакаюць – гэта крута. Мяне гэта вельмі натхняе насамрэч, напэўна гэта асноўнае такое адчуванне. Калі ты ўсё гэта бачыш, ты разумееш, што не дарма мы штосьці робім, здымаем. Тут адпавядае ўсё – атмасфера, людзі, тут кожны дзень свята.

Кінафестываль у Канах працягнецца да 22 траўня, калі стане вядома хто атрымае “Залатую пальму” – галоўны прыз 69-га Канскага кінафестывалю.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя