У Краснаполлі ўшанавалі Валянціна Ермаловіча



У Краснапольскім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі адбылася прэзентацыя кнігі “Ачышчэнне душы” (Мінск, “Кнігазбор”, 2014), куды ўвайшлі ўспаміны пра тэатральнага рэжысёра, акцёра, педагога, заслужанага работніка культуры Беларусі Валянціна Ермаловіча (1925-2004).

Вечарыну адкрыў пісьменнік, краязнавец і гісторык са Слоніма Сяргей Чыгрын, які разам з Міхасём Карпечанкам з Бялынічаў збіраў і ўкладаў кнігу пра Валянціна Ермаловіча. Выступоўца распавёў прысутным пра той час, калі Валянцін Іванавіч пазнаёміў яго з паэтам Аляксеем Пысіным, нагадаў пра тое, калі Валянцін Ермаловіч першы паставіў казку для дзяцей “Снатворны мак” Кандрата Лейкі на сцэне Краснапольскага народнага тэатра, якая была выдадзена ў Вільні ў 1912 годзе. Сяргей Чыгрын таксама падараваў Краснапольскаму музею рэдкія здымкі сцэн са спектакляў, афішы, праграмкі Краснапольскага народнага тэатра, якія выпускаў Валянцін Ермаловіч у 1978-1992 гадах.

Журналіст, краязнавец і драматург з Бялынічаў Міхась Карпечанка цікава распавядаў пра знаёмства і сяброўства з Валянцінам Ермаловічам, прыгадваў спектаклі, якія паставіў Валянцін Ермаловіч на сцэне ўжо Бялыніцкага народнага тэатра ў другой палове 1990-х гадоў.

Пра Валянціна Ермаловіча ў Краснаполлі прыгадвалі мясцовыя жыхары, якія некалі наведвалі народны тэатр.

Выступленні і згадкі пра тэатральнага рэжысёра суправаджаліся песнямі выдатнага беларускага барда Зміцера Бартосіка.

Да вечарыны супрацоўнікі Краснапольскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея арганізавалі змястоўную выставу пра жыццё і тэатральныя справы Валянціна Ермаловіча на Краснаполлі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Краснаполле

Фота аўтара