У Менску назвалі пераможцаў Bulbamovie-2016 (абноўлена)



Паўгадзінная мастацкая стужка „Душы мёртвыя” Віктара Красоўскага заваявала галоўны прыз VI фестывалю новага беларускага кіно Bulbamovie — Залатую бульбіну, як лепшы гульнявы фільм.

https://www.youtube.com/watch?v=xiKanZ7Lilw

Цырымонія ўзнагароджання адбылася сёння  ў сталічным арт-кінатэатры „Тытан”.

Лепшай анімацыйнай стужкай журы прызнала карціну Івана Гапіенкі „Дзеці будучага спяць”. Гэтая ж работа атрымала ўзнагароду за лепшы гук. Прыз глядацкіх сімпатый прысуджаны карціне „Вянок” Паўла Нядзведзя.

* * *

Шосты фестываль беларускага кіно і анімацыі “Бульбамуві” распачаўся гэтымі днямі ў Менску. Заснаваны ў 2011 годзе групай беларускіх і польскіх рэжысёраў і кінакрытыкаў гэты раз ён цалкам пройдзе ў беларускай сталіцы. Пераезд пляцоўкі фестывалю з Варшавы ў Менск накладае і новыя патрабаванні да ўсяго арганізацыйнага складніку фестывалю цяпер і на будучыню, гаворыць дырэктар сёлетняга “Бульбамуві” Максім Жбанкоў:

– Перадусім, трэба сказаць, што для нас гэта была пэўная рызыка, бо відавочна, што калі мы мяняем краіну, мы мяняем яшчэ і правілы гульні. То бок, ясна, што ў новай сітуацыі давядзецца ў чымсьці магчыма рабіць нейкія папраўкі ў праекце. І зараз ужо бачна, напрыклад, што нам было даволі няпроста і застаецца няпроста шукаць, напрыклад, лакальнае фінансаванне. Камерцыйныя структуры пакуль не бачаць сэнсу ўкладацца ў прамоцыю беларускага кіно. Яны ад гэтага папросту адвыклі, і таму праца з імі – гэта праца на будучыню. Гэта парца з магчымымі лакальнымі спонсарамі, якія былі б здольныя паверыць у нацыянальнае кіно.

Галоўная мэта фестывалю “Бульбамуві” – стымуляваць пошукі і эксперыменты маладых беларускіх аўтараў,  садзейнічаць развіццю айчыннага кіно,  а таксама пашыраць міжнародныя кантакты кінематаграфістаў, падкрэсліваюць арганізатары фестывалю.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя