У Менску экспануюць латвійскі эксперыментальны тэкстыль



У Менску, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, адкрыліся адразу дзве выставы эксперыментальнага латвійскага тэкстылю “Вібрацыі матэрыялаў / Канцэнтраваныя думкі”. Куратарамі выставаў з’яўляюцца Іева Круміня (Ріга, Латвія), Міхась Цыбульскі (Віцебск, Беларусь).

На адкрыцці экспазіцыі выступілі: дырэктар Цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч, Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марціньш Вірсіс, куратар выставы, мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі.

У аснове экспазіцыі – працы, створаныя мастакамі да юбілейнай выставы Латвійскай асацыяцыі тэкстыльнага мастацтва, што адбылася ў выставачнай зале Саюза мастакоў у Рызе. Трыццаць пяць аўтараў розных пакаленняў – ад першых выпускнікоў аддзялення мастацтва тэкстылю Латвійскай акадэміі мастацтваў да студэнтаў малодшых курсаў – знаёмяць з найбольш актуальнымі ідэямі, паказваюць сваё бачанне свету ў шырокім тэматычным спектры, выкарыстоўваючы разнастайныя матэрыялы і тэхнікі. Тэкстыль, як і мова, яскрава характарызуе нацыю, выяўляе яе каштоўнасці, досвед і светаадчуванне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік