У Менску музыкі адкрыюць сваю мастацкую выставу



У Менску рыхтуецца выстава мастацкіх твораў, выкананых зоркамі айчыннай музыкі. У прыватнасці, свае працы прадэманструюць мастакі паводле адукацыі Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Алесь Таболіч і Андрусь Такінданг. Кампанію ім складуць мастакі-самавукі Алег Хаменка, Юры Стыльскі і Алесь Дземідзенка, бубнач гурту Re1ikt. Алесь кажа, што не лічыць сябе мастаком, але вельмі любіць маляваць.

– Гэта называецца зараз дыджытал-дроўінг. У мяне ёсць планшэт, у мяне ёсць пяро. Спадзяюся, што нікога не пакрыўдзіць мой удзел, бо, як ведаем, нікога не крыўдзіць удзел непрафесійных музыкаў у розных канцэртах.

Першая выстава мастацкіх працаў беларускіх музыкаў „Музыка без межаў” адкрыецца ў менскай прасторы ЦЭХ 9 сакавіка а 19-ай гадзіне. Аўтары абяцаюць прысутнічаць на адкрыцці. Экспазіцыя будзе працаваць да  19 сакавіка.

Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя