У Менску паўстае новая пляцоўка для аматараў фотаздымка



У Менску паўстае новая творчая пляцоўка для аматараў аналагавага фотаздымка — «ФотаСквот». Арганізатары абяцаюць навучыць усіх ахвотных усяму тэхналагічнаму працэсу вытворчасці здымка: ад кампазіцыі да праяўкі. Таксама прастора будзе адкрытая для тэматычных кінапраглядаў, выставаў, сустрэч і лекцый. «Мы зразумелі, што аматараў стужкі шмат, але для іх няма адпаведнай пляцоўкі», — гаворыць суарганізатарка «Фотасквота» Марні:

— Мы вырашылі стварыць прастору, дзе людзі маглі б абменьвацца досведам. Гэта будзе інтэрактыўная пляцоўка куды можа прыйсці кожны ахвочы незалежна ад свайго досведу і таго чым ён фатаграфуе. Галоўнае, што ўсіх будзе аб’ядноўваць любоў да фатаграфіі і фотамастацтва.

Адзін з асноўных прынцыпаў прасторы «Зрабі сам». Увесь «ФотаСквот» – ад дызайну асвятлення да пафарбоўкі сценаў каманда праекта робіць самастойна. Неўзабаве творчая пляцоўка адкрые свае дзверы на тэрыторыі менскага завода «Гарызонт». Больш інфармацыі пра дзейнасць праекта можна знайсці на адмысловай старонцы «ФотаСквота» Вконтакте ці Фэйсбуку.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя