У Менску прайшла сустрэча з Янкам Запруднікам



У Менску прэзентавалі “Кантакты” – гэта кніга выдадзеная да 90-годдзя Янкі Запрудніка, выбітнага дзеяча беларускай дыяспары ў ЗША.

Асновай матэрыялу сталі лісты, якія пісалі яму шараговыя і вядомыя беларусы з метраполіі. Гаворыць укладальніца кнігі Натальля Гардзіенка:

– Кніга ад пачатку задумвалася менавіта, як кніга лістоў да Янкі Запрудніка. Кніга выглядала б па-іншаму, калі былі б лісты самога Янкі Запрудніка, але ў гэтым варыянце – гэта не толькі пра Янку Запрудніка, але і пра беларусаў, якія яму пісалі.

Сярод герояў кнігі – айцец Аляксандр Надсан, дысідэнт Міхась Кукабака, Станіслаў Шушкевіч ды многія іншыя. Юбіляр наведаў прэзентацыю “Кантактаў” асабіста:

– Вельмі ўзрушаны, я ніколі не думаў, што столькі цяпла, столькі сардэчнасці, столькі цёплых пажаданняў – гэта сапраўды зарад на ўсе далейшыя гады працы і спадзяванняў.

Прэзентацыя кнігі “Кантакты” да юбілею Янкі Запрудніка зацягнулася болей чым на 3 гадзіны. Заля дзяржаўнай бібліятэкі імя Пушкіна не здолела змясціць усіх жадаючых.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск