У Менску прайшоў паказ унікальнага фільма пра Першую сусветную вайну



Стужка «Бітва на Соме» стала ў 1916-м годзе першым фільмам, знятым непасрэдна з месца баявых дзеянняў. Паказ адбыўся ў межах сумеснай праграмы Нацыянальнага Гістарычнага Музея і амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі «Першая сусветная вайна. Урокі Гісторыі».

«Паказ у гістарычным музеі легендарнай стужкі стаў прэм′ерным у Беларусі,» — гаворыць дарадца па пытаннях культуры і адукацыі амбасады Вялікабрытаніі Юлія Буслаева:

— Гэта першы фільм Вялікабрытаніі, прызнаны ЮНЭСКА і першы фільм, які паказвае падзеі непасрэдна з вайсковых палёў, з лініі фронту. Фільм паглядзела рэкордная на сённяшні дзень для брытанскай кінаіндустрыі колькасць гледачоў. Упершыню былі паказаныя кадры забітых.

«Гэты фільм проста шакаваў людзей, якія не ўяўлялі ў ХХ ст. кантэксту сусветнай вайны,» — дадала Юлія Буслаева.

Паказ адбыўся напярэдадні 100-годдзя з заканчэння адной з найбольш крывавых бітваў у гісторыі чалавецтва. За 141 дзень баёў на Соме ў час Першай Сусветнай Вайны загінула блізу 1 мільёна чалавек. «Бітва на Соме» была прадстаўлена для паказу ў Менску Лонданскім Імперскім Музеем. Паглядзець фільм зможа кожны ахвотны набыўшы квіток у Нацыянальны гістарычны Музей.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск