У Менску прэзентавалі кнігу „Няскораны Марыніч”



У Менску адбылася вечарына з нагоды выхаду ў свет кнігі журналіста Аляксандра Тамковіча, у якую ўвайшлі апошнія развагі паспяховага дыпламата, а потым апазіцыянера і палітвязня Міхаіла Марыніча. Яна сабрала багата людзей – былі палітыкі, замежныя дыпламаты, былыя чыноўнікі ды міністры, сябры і родныя.

DSC_4943(2)

Як кажа жонка палітыка і грамадскага дзеяча Таццяна Марыніч, Міхаіл Апанасавіч вельмі чакаў выхаду кнігі, рыхтаваўся да яе прэзентацыі, але лёс распарадзіўся па-іншаму. „Чалавек, які не баяўся рабіць выбар”, – так характарызуе мужа Таццяна Марыніч.

– Мяняць сваё жыццё чалавек можа заўсёды. Ён заўсёды быў адкрыты новаму. І ў кнізе гэта ёсць. Ён усё жыццё вучыўся.

Аўтар кнігі Аляксандр Тамковіч кажа, што кніга была скончана літаральна за два дні да смерці Міхаіла Марыніча.

– Вельмі шкадую, што ён не паспеў гэтую кнігу прачытаць. Літаральна за пару дзён да таго, як ён павінен быў яе прачытаць, мне патэлефанавалі і сказалі, што Марыніча больш няма…

Таццяна Марыніч кажа пра годнасць – якасць, якую заўважалі ў асобе Марыніча ўсе, нават падчас следства і зняволення.

– Годнасць – гэта тая рыса, з якой ён жыў. І калі ў адным з інтэрв’ю яго спрасілі, як ён хоча, каб пражыў ягоны сын, ён адказаў: „Годна!”. Так жыў ён сам.

Міхаіл Марыніч працаваў кіраўніком Менскага гарвыканкама, паслом у Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. Быў міністрам знешніх эканамічных сувязяў, дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 склікання. Пасля таго, як пайшоў у апазіцыю да дзейснай улады, трапіў за краты, быў прызнаны палітвязнем. Памёр 17 кастрычніка 2014 года.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота baj.by