У Менску прэзентавалі “(З)начныя даследаванні”



“(З)начныя даследаванні” – першы зборнік паэзіі Норы Гомбрынгер, нямецка-швейцарскай аўтаркі, які пабачыў свет на беларускай мове. Прэзентацыя кнігі, што прайшла 30 жніўня ў галерэі “У нескладовае” ў Менску, не абышлася без сюрпрызаў ад аўтаркі ды перакладчыц. У прыватнасці, сама аўтарка адмыслова запісала выдэазварот да беларускіх чытачоў і прачытала некалькі сваіх вершаў па-беларуску. Таксама два асобнікі паэзіі Норы Гомбрынгер атрымалі ўдзельнікі імпрэзы, якія правільна адказалі на пытанні аўтаркі пра нямецкую літаратуру.

Перакладчыца і паэтка Вольга Гапеева распавяла пра асабістыя стасункі з Норай Гомбрынгер, праз якія і нарадзілася ідэя зрабіць зборнік яе вершаў па-беларуску.

– Мы пазнаёміліся з Норай яшчэ ў 2009 годзе, калі я была на стыпендыі Літаратурнага калоквіума Берлін. І яна ў той самы час мела стыпендыю. Мы жылі адна над адной. Гэта кірунак мяне вельмі захапляе. Сапраўды было пэўным выклікам паспрабаваць тое зрабіць.

Паэтычны зборнік Норы Гомбрынгер па-беларуску выйшаў у выдавецтве сучаснай літаратуры “Галіяфы”. Дырэктар выдавецтва Зміцер Вішнёў падзяліўся ўражаннямі ад новай кнігі.

– Насамрэч гэта цалкам такі эстэцкі праект, некамерцыйнае выданне ад самага пачатку. І перакладчыкі тут выступаюць суаўтарамі. Бо гэта паэзія, а не проза. Таму тое, што зрабілі перакладчыцы Вольга Гапеева і Ірына Герасімовіч, – гэта маленькі літаратурны подзвіг.

Для мастацкага афармлення зборніка быў абраны фармат дзённіка з адмысловымі вырванымі аркушамі, пустымі старонкамі, закрэсліваннямі, каб найбольш наблізіць чытачоў да таямнічага свету мастацкіх вобразаў аўтаркі.

Выданне кнігі вершаў Норы Гомбрынгер “(З)начныя даследаванні” стала магчымым дзякуючы падтрымцы Інстытута імя Гётэ, а таксама двухгадовай працы перакладчыц Вольгі Гапеевай, Ірыны Герасімовіч ды мастачкі  Антаніны Слабодчыкавай.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтаркі