У Мёрах краязнаўцы пабудавалі хату-музей



Хату-музей, якая адлюстроўвае два стагоддзі і ў якой знаходзяцца старажытныя экспанаты, пабудавалі на тэрыторыі школы ў Мёрах краязнаўцы Вітольд Ермалёнак і яго сын. Музей зрабілі з перавезенай вясковай хаты, якой больш за 100 год.

Па словах краязнаўцы Вітольда Ермалёнка, яны стараліся як мага больш захаваць аўтэнтыку побыту жыхароў мінулага, а кожны пакой музея-хаты адлюстроўвае адну з найбольш важных эпохаў даўніны:

– Задума мая была зрабіць менавіта тры ў адной. Першы пакой павінен быў быць XIX стагоддзе, другі пакой – Польшча, трэці – пасляваенны. З-за таго, што мы разабралі хату і замест 20 выйшла 11 метраў, мы першы пакой зрабілі не пакой, а проста зборы калекцый рэчаў XIX пачатку XX ст. Тут усё дзеючае – гэта не бутафорыя, як часта ў школьных музеях.

У хаце-музеі сабраныя не толькі ўсе прылады для жыцця, працы і адпачынку людзей, але і вялікая калекцыя зёлак. Таму ўнутры адчуваецца подых даўніны і нават яе пах.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара