У Нясвіжы – прэзентацыя “…Апошняму беларусу…” Зьніча



У Нясвіжы, на пасяджэнні тутэйшага духоўна-асветніцкага цэнтра “Ноеў каўчэг”, адбылася прэзентацыя новага паэтычнага зборніка “…Апошняму беларусу…” Зьніча. Гэта псеўданім паэта, філосафа, музыкі, 76-гадовага Алега Бембеля. Бліскучы пачатак кар’еры таленавітага навукоўцы ў 80-х быў перарваны выгнаннем з Інстытута філасофіі і права. Пасля атрымаў ярлык “дысідэнта” за выдадзеную ў Лондане працу “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”. Цяпер ужо 19 год жыве ды творыць у Свята-Успенскім Жыровіцкім кляштары, дзе сёння вядомы як айцец Іаан.

У райбібліятэцы Нясвіжа сабралася звыш паўсотні аматараў творчасці Зьніча з усяго горада. Людзі розных узростаў і прафесій былі адразу зачараваныя ягоным – па-акторску пададзеным – паэтычным словам.

Зьніч (айцец Іаан) выдаў зборнікі вершаў “Малітвы за Беларусь”, “Агніва”. У 1988 адстойваў Курапаты разам з Зянонам Пазьняком. Дагэтуль выйшаў яго фаліянт больш чым на паўтысячы старонак з архіўнымі матэрыяламі ды выбранымі публікацыямі розных гадоў “Шляхам сумоўя”.

Гукавы рэпартаж з прэзентацыі:

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя