У Пінску адзначылі 95-годдзе Івана Шамякіна



На Піншчыне адзначылі юбілей Народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. На базе Пінскай раённай бібліятэкі імя Яўгеніі Янішчыц з нагоды 95-годдзя класіка айчыннай літаратуры адбыўся музычна-літаратурны вечар.

Праграму мерапрыемства падрыхтавалі пад школьнікаў старэйшых класаў, каб юнакі змаглі пазнаёміцца з творчасцю Івана Шамякіна па-за межамі заняткаў. Адметнасцю вечара стаў выступ літаратара Анатоля Шушко, які ў студэнцкія гады пазнаёміўся з Шамякіным, а таксама Кандратам Крапівой, Іванам Мележам, Васілём Быкавым і шэрагам іншых выбітных постаццяў беларушчыны.

Паэт прыгадаў, як ён адкрыў для сябе Івана Шамякіна:

– У 9 класе, седзячы на печы, я чытаў “Непаўторную вясну” (пенталогія “Трывожнае шчасце”). Святла я не ўключаў. Была проста лямпа, знічка. І я на печы. Пакуль не дачытаў “Непаўторную вясну”, не клаўся спаць. Там мяне ўразіла яна. Ды і сам тады быў закаханы, таму, калі чытаў гэтую аповесць, маё сэрца ажно дрыжала.

Акрамя вечара, бібліятэкары падрыхтавалі выставу, прысвечаную жыццю і творчасці Івана Шамякіна, каб кожны наведвальнік змог пазнаёміцца з дзейнасцю класіка беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота аўтара