У Пінску плануюць правесці фестываль лютнёвай музыкі



Папярэдне атрымана згода Міністэрства культуры ды мясцовых уладаў, але цяпер ініцыятар, выкладчык пінскай музыкальнай школы Юры Дубнавіцкі, шукае грашовыя сродкі пад праект.

Лютня вядома ў Еўропе з часоў Ранняга Сярэднявечча. Музычны інструмент стаў адным з сімвалаў эпохі еўрапейскага Адраджэння. Былая вучаніца пінскай гарадской музычнай школы, якая цяпер праходзіць навучанне ў Нямеччыне, Ірына Русакевіч паведаміла, што на беларускіх землях лютня знікла сто гадоў таму:

– Ёсць як мінімум тры яе разнавіднасці. Інструмент блізкі да домбры. Лютня ў нас была забыта ў 20-ых гадах 20-га стагоддзя. У гэты час больш папулярная стала домбра, бо гэта быў народны інструмент, у Савецкім Саюзе трэба было пашыраць культуру ў масы.

Прыкладна ў 1990-я гады ў Еўропе пачаўся актыўны працэс вяртання лютні, як неад’емнай часткі замкавых спеваў. У Беларусі гэтая з’ява толькі пачынаецца, і фестываль у Пінску можа стаць добрай пляцоўкай для папулярызацыі сярэднявечнай музыкі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота lutemaker.narod.ru