У Полацку адкрылася выстава пра Вялікі Ноўгарад



У рамках творчага супрацоўніцтва музеяў-запаведнікаў Ноўгарада і Полацка ў Полацкай мастацкай галерэі адкрылася выстава заслужанага мастака Расеі, вядомага наўгародскага жывапісца Юрыя Ерышава. Сам мастак кажа, што практычна ўся яго творчасць прысвечана Ноўгараду – яго гісторыі і сучаснасці.

– Я нарадзіўся ў Ноўгарадзе, жыву ў Ноўгарадзе і пішу Ноўгарад. То бок уся мая творчасць прысвечана менавіта Ноўгараду. Тут на выставе як раз можна пабачыць людзей Ноўгарада – гэта нашыя гісторыкі, ёсць таксама сюжэтныя карціны, інтэр’еры, пейзажы, архітэктурныя помнікі.

Юрыя Ерышава называюць спеваком зямлі Наўгародскай. На працягу 40 гадоў свайго творчага шляху, ён не пакідае без увагі свой горад з яго шматвяковай гісторыяй і лірычнай прыродай. На яго персанальнай выставе пад назвай «Сказ аб Вялікім Ноўгарадзе» прадстаўлена 46 жывапісных твораў, якія расказваюць пра мары і смутак мастака, пра яго творчыя пошукі і закаханасць у жывапіс.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.