У Слоніме адкрыўся фестываль “Паланез”



У суботу 21 траўня ў Слоніме адкрыўся міжнародны фестываль „Паланез-2016”. Проходзіць ён ужо дванаццаты раз. Месца фестывалю выбрана невыпадкова. Менавіта ў Слоніме прайшло дзяцінства кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага, аўтара знакамітага паланеза „Развітанне з радзімай”. У горадзе пражываў ягоны дзядзька Міхал Казімір Агінскі. Дарэчы, ён жа і стваральнік помніка гідратэхнікі XVIII стагоддзя — канала Агінскага. Побач з каналам Агінскі ў 1775 годзе пабудаваў і славуты на ўсю Еўропу тэатр, для пастановак якога сам жа складаў музыку.

Сёння пра Агінскага ў Слоніме нагадвае і канал, і вуліца ў яго гонар, і мемарыяльная шыльда на будынку Слонімскага драмтэатра, і некалькі будынкаў той эпохі. А да 1939 года ў Слоніме аркестр мясцовай пажарнай каманды два разы на дзень іграў паланез, як сігнал дакладнага часу. Фестываль пачаўся традыцыйна ад пажарнай вежы, а потым усе ўдзельнікі свята прайшлі па цэнтральнай вуліцы да мясцовага Цэнтра культуры.Там паланезы Агінскага гучалі ўсюды: на сцэне, у грымёрках, на лесвіцы. Паланезы гралі, танцавалі, спявалі на розных мовах. Па сутнасці, гэта фестываль аднаго твора, але ў кожнага выканаўцы ён гучаў па-рознаму, таму свята — ужо нешта большае, чым проста прыгожая музыка.

Сёлета працяг фестывалю адбываўся і пад адкрытым небам на набяражнай канала Агінскага. Дарэчы, у XVIII стагоддзі слонімскі мецэнат Агінскі практыкаваў выступленні свайго тэатра на самім канале. У слонімскім фестывалі паланеза прынялі ўдзел музычныя і танцавальныя калектывы з розных гарадаў Беларусі, Польшчы, Літвы і Латвіі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара.