У Слоніме і Пружанах гутарылі пра Рагвалода і Рагнеду



Слонімскую гарадскую дзіцячую бібліятэку і Пружанскую раённую дзіцячую бібліятэку наведалі пісьменнікі Сяргей Чыгрын і Уладзімір Ягоўдзік.

Уладзімір Ягоўдзік прэзентаваў сваю новую кнігу “Аповесць пра князёўну Рагнеду”, распавёў пра лёс полацкай князёўны Рагнеды і пра тое, які след яна пакінула ў беларускай гісторыі, а Сяргей Чыгрын дабавіў аповед пра яе бацьку Рагвалода і пра гісторыю Полацкай зямлі.

Уважлівыя і дасціпныя дзеткі адразу засыпалі літаратараў пытаннямі не толькі пра Рагнеду і Рагвалода, але пыталіся і пра Льва Сапегу, Рыгора Шырму, пра мастачку Алену Лось і спевака Міхася Забэйду-Суміцкага.

Дзеткі не толькі слухалі гасцей-землякоў, але і чыталі вершы па-беларуску, прымалі ўдзел разам з настаўнікамі ў розных конкурсах і гульнях. А пад канец сустрэч усе разам фатаграфаваліся і ў знак падзякі проста засыпалі пісьменнікаў букетамі восеньскіх кветак і запрашалі ў госці зноў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

Фота аўтара.