У Слоніме паставілі спектакль, які забараняў Сталін



У Слонімскім драматычным тэатры адбылася здача новага спектакля па п’есе рускага драматурга Мікалая Эрдмана “Самазабойца” у пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Васіля Сяўца. Першы прэм’ерны паказ спектакля на сцэне тэатра запланаваны на 19 красавіка.

Аўтар і сама п’еса “Самазабойца” добра вядомыя аматарам тэатральнага мастацтва. Мікалай Эрдман у свой час працаваў над сцэнарыямі фільмаў “Волга-Волга” і “Вясёлыя рабяты”, якія ўвайшлі ў залаты фонд савецкай кінакласікі. Праўда, само прозвішча Эрдмана, што ён аўтар сцэнарыяў, нават і не прыгадвалася. А першая яго п’еса “Мандат” у 1920-я гады з вялікім поспехам іншла на сцэнах розных тэатраў. П’есу “Самазабойца” Мікалай Эрдман напісаў у 1928 годзе. Яна вельмі спадабалася К.Станіслаўскаму і У.Мейерхольду. Эрдман і Мейерхольд нават падпісалі дамову аб пастаноўцы, але ставіць яе не дазволілі. Рэпетыцыі п’есы былі дазволены толькі Станіслаўскаму пасля яго асабістага звароту да Сталіна. Але, калі спектакль быў пастаўлены, Сталін катэгарычна забараніў выносіць яго на суд гледачоў: “… Я не вельмі высокай думкі пра п’есу “Самазабойца”. Блізкія мае таварышы лічаць, што яна пуставатая і шкодная…”.  А пазней і савецкая цэнзура не прапускала п’есу на сцэну ажно да 1982 года. Таму яна ўпершыню была пастаўлена ў Швецыі ў канцы 1960-х гадоў, а ўпершыню апублікавана ў Германіі ў 1969 годзе на рускай мове.

Цяпер “Самазабойцу” Мікалая Эрдмана ставяць многія тэатры свету. І даволі часта. Чарга дайшла і да слонімскай сцэны.

П’еса, як і спектакль “Самазабойца”, — гэта твор аб свабодзе асобы, гэта бунт “маленькага” чалавека супраць вялікага механізму ціску, супраць знішчэння жыватворных магчымасцей чалавека. Эрдман некалі быў адзіным сатырыкам у савецкай драматургіі, які высмеяў сістэму ўлады, а не асобныя чалавечыя недахопы.

Камічная і трагічная п’еса Эрдмана пра чалавека, які не знаходзіць сабе месца ў жыцці да таго часу, пакуль не вырашыў з жыццём развітацца. Тут яму і становіцца зразумела, што ён проста хоча жыць і зусім не хоча паміраць за ідэю, тым больш, за чужую.

Вельмі арыгінальным атрымаўся спектакль у пастаноўцы рэжысёра Васіля Сяўца і слонімскіх артыстаў. Спектакль “Самазабойца” выглядае даволі сэнсавым, трагічным і ў той жа час смешным. У іх занята ўся акцёрская трупа тэатра: ад вядучых майстроў сцэны да маладых артыстаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара