У свеце захавалася 520 асобнікаў кніг, выдадзеных Францыскам Скарынам



У бібліятэках, музеях і прыватных калекцыях свету захавалася 520 асобнікаў арыгінальных кніг, выдадзеных беларускім першадрукаром Францыскам Скарынам, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) Раман Матульскі.

Паводле яго слоў, каля двух трацін гэтых кніг знаходзіцца ў розных установах Расеі. У Беларусі сёння налічваецца 28 арыгінальных выданняў Скарыны, з якіх 10 захоўваецца ў НББ, а 18 — у калекцыі „Белгазпрамбанка”. Ва Украіне — 47 кніг, выдадзеных беларускім першадрукаром, буйныя калекцыі ёсць таксама ў Германіі, Польшчы і Чэхіі.

Матульскі адзначыў, што актыўна вывучаць кніжную спадчыну Францыска Скарыны ў свеце беларуская бібліятэчная супольнасць пачала пасля прыняцця дзяржаўнай праграмы „Культура” на 2011—2015 гады.

„Калі мы толькі пачыналі, то меркавалі, што ў свеце засталося 350 асобнікаў кніг Скарыны, — сказаў ён. — Сёння мы дакладна ведаем пра 520 асобнікаў. Але гэта не значыць, што за пяць гадоў мы дадаткова знайшлі каля 200 прыхаваных асобнікаў. Гаворка ідзе аб методыцы [аналізу] і ўдакладненні таго, што не зусім дакладна было ўключана ў каталогі [бібліятэк і музеяў свету]. Часцей за ўсё аказвалася, што проста канвалюты (зборнікі, якія сумяшчаюць пад адной вокладкай некалькі розных выданняў. — БелаПАН.) улічваліся як адзін асобнік”.

Дырэктар НББ паведаміў, што лепш за ўсё кнігі, выдадзеныя беларускім першадрукаром, захаваліся ў Германіі. Ён патлумачыў гэта тым, што ў гэтай пераважна пратэстанцкай краіне рэлігійныя выданні Скарыны не карысталіся вялікім попытам.

„Кнігі, якімі вельмі часта карыстаюцца, — зачытаныя, падраныя. А калі гэта кнігі ідэалагічнага толку, як Біблія напрыклад, то яны яшчэ трапляюць у розныя сацыяльныя і палітычныя калатнечы і вельмі цяжка захоўваюцца. Аднак, да прыкладу, у пратэстанцкіх кляштарах Германіі гэтыя кнігі нікому шкоды не чынілі і перажылі стагоддзі на паліцах”, — растлумачыў Матульскі.

belapan.by