У „Цудоўні” адбылася сустрэча з Генадзем Семянчуком



У гарадзенскай этнакраме „Цудоўня” прайшла сустрэча аматараў гісторыі з вядомым навукоўцам, археолагам, дацэнтам Генадзем Семянчуком.

Вечар з гісторыкам даў магчымасць адказаць на пытанні: Кім былі для нас Яцвягі? Якія існуюць міты і што з гістарычнай рэальнасці можна з іх сканструяваць?

Генадзь Семянчук прадстаўляе канцэпцыю Санкт-Пецярбурскага гісторыка Аляксея Кібеня:

– Дзякуй Богу „ARCHE” выдала беларускамоўную версію яго манаграфіі пра яцвягаў. Што зменіцца ў нашай гісторыясофіі і ў нашай інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі, калі гісторыя канцэпцыі Кібеня апрабуецца і будзе мець сваіх прыхільнікаў? Самае галоўнае – яна вырве нас з гэтай лені і баязлівасці.

Паводле Генадзя Семянчука, яцвягі – гэта этнічна мяшаная група, якая яшчэ на этапе дадзяржаўнага развіцця кантралявала Нёман і басейн ракі, як транспартнай артэрыі.  

Генадзь Семянчук абвяргае думку, што тэмай Яцвягаў гісторыкі баяцца займацца:

– Не, я хачу вас супакоіць, ніхто не баіцца, проста няма каму. Гісторыя настолькі смешная, што мы ж да сённяшняга дня баімся самастойна думаць. Мы карыстаемся думкамі, ідэямі, канцэпцыямі, альбо падпарадкоўваемся ім, альбо падтрымліваем іх, альбо так слабенька пацяўкваем на іх, якія да сённяшняга дня ствараюцца на жаль альбо ў Варшаве, альбо ў Пецярбургу, альбо ў Кіеве.

Знойдзены нядаўна слоўнік яцвяжскай мовы – фальшыўка. Ёсць адукаваныя людзі, якія здольныя рабіць геніяльныя фалсіфікацыі, перакананы археолаг.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня