У Варшаве адбыўся канцэрт гурта «Рэха»



Гурт „Рэха” прыязджае ў сталіцу Польшчы ўжо не першы раз, але цяпер яны прагучалі па-іншаму, бо былі прадстаўленыя толькі дуэтам – вакаліст і лідар Андрусь Такінданг і гітарыст Яўген Шурмей.

Андрусь Такінданг, гурт «Рэха»: Першае запрашэнне было на дзясятыя ўгодкі «Салідарных з Беларуссю». І мы вырашылі з музыкамі, што варта зрабіць назаўтра яшчэ адзін выступ, і я напісаў сябру Пятру Дудановічу. Пятро запрасіў нас у кавярню «Крызіс», гэта такая анархічная панк-кавярня. Канешне, тут свая крутая атмасфера, і мы з радасцю выступілі тут дуэтам.

DSCF4885-

Яўген Шурмей, гітарыст гурту «Рэха»: Канешне, лягчэй граць у поўным складзе, таму што там ёсць бас, ёсць акардэон, ёсць барабаны. А калі мы граем удваіх, то гэта складаней разоў у пяць. Мне вельмі спадабалася гучанне, сёння яно было добрае, і настрой людзей быў файны, усё спадабалася, супер было!

Андрусь Такінданг: Мы звыклыя выступаць цэлым складам, цэлым гуртом, а калі ты граеш удвух з гітарай, то вядома, гэта такая авантура заўсёды. Ну але зноў жа, дзякуючы публіцы, гэта праходзіць не так страшна, як мы думалі. Мы баяліся, але публіка такая зычлівая, лёгкая, і таму гралася таксама лёгка. Палякі больш тэмпераментныя за беларусаў, больш хвацкія да танцу, танцавалі, спявалі. Класна!

Гісторыя песні «Варшава» такая. Калі ў гурта «Рэха» быў творчы крызіс, мы сядзелі ў Менску, нічога не хацелася рабіць. У Менск прыехалі дзяўчаты з Варшавы, полькі, каторыя вывучалі беларускую мову. Яны нас заахвоцілі сваёй цікавасцю да беларускай культуры. Мы неяк схамянуліся, зноў з’явіўся імпэт да творчасці.

Ужо больш як дзесяць год мы наведваем Польшчу. І таму – частка сэрца ў гэтай краіне. Таму што вялікае шчасце для музыкаў – гэта гастролі, тым больш замежныя гастролі.

 Караліна Гэндэк, глядачка: Гэта ўжо мой трэці канцэрт. І як заўсёды было файна. Былі такія адважныя, што спачатку пачалі танцаваць. І потым ужо ўсе.

Раней музыкі таксама выступілі на юбілейнай імпрэзе Ініцыятывы „Вольная Беларусь”. Але на сваім уласным канцэрце, які прайшоў у вельмі ўтульнай атмасферы, «рэхаўцы» зайгралі па жаданні публікі нашмат шырэйшы рэпертуар.

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял у гукавым фармаце: