У Варшаве заспяваў беларускі хор



Хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі лічыцца адным з самых лепшых у Беларусі. У межах гастроляў хору аказалася і польская сталіца, дзе артысты заварожылі публіку царкоўнымі і беларускімі народнымі спевамі.  Неспадзяванкай для слухачоў стала таксама выкананне новага твору беларускага сучаснага кампазітара Андрэя Саўрыцкага “Імша ў джазавым настроі”, напісанага ў 2015-м годзе.

Пра тое, як ствараецца гармонія на сцэне, распавядае дырыжор Інэса Бадзяка:

– Калі ў жыцці патрабуецца гармонія, то дзе ж ёй быць, як не на сцэне. А ўжо са сцэны яна ідзе ў жыццё, дапамагае ў жыцці. Калі яе не знаходзіш навокал, трэба шукаць у музыцы. Для мяне гэта пошук разам са студэнтамі, з разнастайнай праграмай.

Далей  са сваёй творчай праграмай артысты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі накіроўваюцца ў Венгрыю, дзе выступяць у Будапешце.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара