У Віцебску адкрылася фотавыстава пра пасляваеннае аднаўленне Варшавы



У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, які месціцца ў гарадской Ратушы, адкрылася выстава “Як Фенікс з попелу. Разбурэнне і аднаўленне Варшавы”. Выстава арганізавана сумесна з варшаўскім Домам сустрэч з гісторыяй і Польскім Інстытутам у Менску. На адкрыцці выставы ў Віцебску прысутнічалі Дырэктар Польскага інстытута ў Менску Матэуш Адамскі і адзін з арганізатараў выставы Ежы Маеўскі. Ежы Маеўскі, як спецыяліст па гісторыі Варшавы, правёў перад віцяблянамі лекцыю, у якой распавёў пра этапы адбудовы сталіцы Польшч. Жыхары Віцебска на варшаўскім прыкладзе могуць павучыцца, як шанаваць гісторыю і архітэктуру свайго горада, – кажа навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музею Лідзія Гулідава.

– Тут паказаны маштаб разбурэння Варшавы, працэс аднаўлення горада ў паслеваенны час з 1949 года. Ежы Маеўскі доўгі час займаўся зборам гэтай інфармацыі. Шукаў фотаздымкі ў розных архівах. Працаваў у архівах Еўропы. На адкрыцці расказваў пра падзеі перадваеннай Варшавы, пра падзеі пасляваеннай Варшавы. Гэта ўжо другая выстава за час нашай супрацы. Першая – была фотадакументальная выстава пра падзеі ў Катыні.

Унікальныя фотаматэрыялы, сабраныя арганізатарамі выставы, сведчаць пра ўсе этапы адбудовы польскай сталіцы пасля Другой сусветнай вайны, падчас якой горад знішчылі на 80%. Сёлета спаўняецца 35 год як “Стары горад” Варшавы быў унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Выставу ў Віцебску можна наведаць да 13 лістапада.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск