У Віцебску плануюць аднавіць касцёл Святога Антонія XVII стагоддзя



Уладамі разам з кіраўніцтвам Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі разглядаецца пытанне пра аднаўленне ў абласным цэнтры на плошчы ля ратушы касцёла Святога Антонія.

dscf1208

Прапануемае месца адбудовы

Гісторыя святыні сягае ў XVII стагоддзе, калі на нашы землі прыбылі манахі-бернардзінцы. Першы, яшчэ драўляны, касцёл быў узведзены на сродкі віцебскага ваяводы Яна Антонія Храпавіцкага, аднак ён быў спалены падчас Паўночнай вайны. Аднаўленне сталася магчымым дзякуючы ахвяраванням наступнага ваяводы – Міхаіла Шпака, затым матэрыяльна падтрымаў будаўніцтва віцебскі падкаморый Казімір Саковіч, але будынак зноў-такі згарэў, бо гарадскія пажары былі досыць распаўсюджаныя ў тыя часы.

Гэта ўсё былі драўляныя пабудовы, а вось фундатарам трывалага каменнага будынка стала Тэкля Агінская, удава віцебскага ваяводы. Архітэктарам абралі італьянца Іосіфа Фантана. Большасць даследчыкаў лічаць, што храм быў асвечаны ў 1768 годзе. У такім выглядзе ён прастаяў амаль два стагоддзі. Унікальнасць аб’екта ў тым, што ён з’яўляўся помнікам двух стыляў. Звонку – структура барока, унутры – рэнесансу.

Хараством касцёла захапляліся вядомыя мастакі Напалеон Орда і Юзаф Пешка, якія адлюстравалі яго для нашчадкаў. Унутраны роспіс у свой час рабілі Юдэль Пэн, Марк Шагал, Саламон Юдовін.

ant

Такім касцёл быў падчас нямецкай акупацыі

А вось як апісваў свае ўражанні ад храма Святога Антонія нобелеўскі лаўрэат Іван Бунін у аўтабіяграфічным творы “Жыццё Арсеньева”: “Ни Акрополь, ни Баальбек, ни Фивы… ни святая София, ни старые церкви в русских Кремлях и доныне не сравнимы для меня с готическими соборами. Как потряс меня орган, когда я впервые (в юношеские годы) вошел в костел, хотя это был всего-навсего костел в Витебске. Мне показалось тогда, что нет на земле более дивных звуков…”

Пасля рэвалюцыі бажніцу зачынілі. Пэўны час тут быў музей атэізм. Аднак кіраўніцтва горада тым не менш прызнавала гістарычную каштоўнасць касцёла. Так, у сваёй пастанове 1940 года прэзідыум гарвыканкама адзначае, што “будынак былога касцёла з’яўляецца найбуйнейшым помнікам і адзіным у сваім стылі гістарычным помнікам у горадзе”.

У час вайны касцёл быў значна пашкоджаны, і хаця навуковая камісія прызнавала, што будынак можа быць з поспехам адноўлены (тут меўся размясціцца Палац фізкультуры), аднак гэтага рабіць не сталі і яго проста знішчылі. Гэта быў 1961 год.

У час перабудовы і пазней грамадскасць горада неаднойчы выказвалася за аднаўленне святыні, рабіліся праекты. Былі варыянты наогул яе развярнуць, каб больш камфортна было ўсім удзельнікам руху.

Праблема размяшчэння новабудоўлі ў тым, што даўнія падмуркі выступаюць на праезджую частку ў раёне моста праз Віцьбу да Канцэртнай залы “Віцебск”. Вядома, на сённяшні час вуліцу Леніна проста немагчыма звузіць, улічваючы транспартны паток, які, натуральна, зусім не такі, якім быў у 1700-я. Больш за тое, павінна застацца частка тратуара: каля трох метраў для камфорту гараджан. Таму будынак плануецца ссунуць углыб пры захаванні яго габарытаў. Разглядаецца і перанос фантана “Зліццё трох рэк” на іншы бераг Віцьбы.

Аднаўленне храма (а ён унесены ў генеральны план Віцебска на рэканструкцыю) дазволіць вярнуць гістарычнаму цэнтру закончанасць і дасканаласць, зробіць яго больш прывабным для турыстаў. Першы крок зроблены. Верыцца, што неўзабаве паследуюць і іншыя і дыямент старадаўняга Віцебска зноў перажыве адраджэнне.

vitvesti.by