У Віцебску прайшлі “Барадулінкі”



“Барадулінкі” – літаратурна-музычнае свята адбылося ў Віцебску. Яно ўжо другі год  ладзіцца на пляцоўцы Арт-прасторы ў гонар народнага паэта Рыгора Барадуліна. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі кампанія “Будзьма беларусамі”, сацыяльна-культурная ўстанова “Віцебск для мяне” і Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама.

На жаль, наведвальнікаў было няшмат, нягледзячы на тое, што Віцебск – горад не маленькі, ды і арганізатары пастараліся зрабіць праграму разнастайнай. Але, паводле арганізатара імпрэзы Уладзіміра Булаўскага, не так важна, колькі людзей наведае імпрэзу, больш важна ў інфармацыйным полі трымаць увагу на развіцці беларускай культуры і на памяці Рыгора Барадуліна ў тым ліку:

– У нас ёсць такі мамант нейкі, як гігантаманія, мы чамусьці думаем, што на ўсё павінна прыходзіць шмат людзей – гэта далёка не так. Хай гэта будзе 50-60 чалавек, якія натхняцца тым, што тут будзе адбывацца, чым там 200 чалавек, якія пройдуць міма і нават не заўважаць. “Барадулінкі” – гэта не такое глабальнае свята, як можна ўявіць. Мне здаецца, што такіх невялікіх мерапрыемстваў павінна быць як мага больш, і вось мы дзякуючы супольнымі намаганнямі спрабуем паказаць, што гораду гэта таксама патрэбна.    

Падчас свята адбыліся заняткі “Мовы Нанова”, прэзентацыя кніг і выступ пісьменнікаў Віктара Марціновіча і Віталя Рыжкова, буккросінг, кінапаказ караткаметражных фільмаў. Музычная праграма прайшла з удзелам Андруся Такінданга, гуртоў “Цень”, “Ілюжан” і MARTIN S. А таксама на працягу ўсяго мерапрыемства распаўсюджвалася інфармацыя па зборы сродкаў на шыльду ў гонар Рыгора Барадуліна.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя