У Воршы пры ТБМ адкрыюць грамадскую бібліятэку



На сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Воршы будзе створаная грамадская бібліятэка. Назавуць яе ў гонар вядомага аршанскага краязнаўцы Алеся Шутава, які пайшоў з жыцця сёлета. Многія кнігі і іншыя матэрыялы з ягонага архіву стануць даступныя людзям у бібліятэцы, якую ствараюць актывісты ТБМ і моладзевай арганізацыі «Звяз». Знойдуць тут сваё месца і дзясяткі кніг па гісторыі і культуры Беларусі, часопісы, газеты.

1

Асноўныя работы па ўпарадкаванні і сістэматызацыі матэрыялаў робіць вядомы бард Андрэй Мельнікаў:

Калі збіраў, гэта быў іншыя час, канец 80-х — пачатак 90-х гадоў — гэта быў кніжны час. Я не быў дастаткова мудрым, каб зразумець, што эпоха інтэрнэта прыйдзе на змену кнігам, а калі яна прыйшла аказалася, што большасць кніг незапатрабаваныя. Ідэя з бібліятэкай гэта якраз спроба знайсці людзей, у якіх гэтыя кнігі будуць запатрабаваныя.  

Акрамя кніг, у бібліятэцы будуць захоўвацца мапы Аршаншчыны розных часоў і нават некалькі прадметаў даўніны. Пошук новых матэрыялаў працягваецца. Афіцыйна адкрыць бібліятэку плануецца ў 2017 годзе.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша