У Зэльве адзначылі 105-ыя ўгодкі Ларысы Геніюш



105 гадоў з дня народзінаў выбітнай беларускай паэткі-патрыёткі Ларысы Геніюш адзначылі ў Зэльве. У мясцовай Свята-Троіцкай царкве адбылася памінальная багаслужба, якую ўжо традыцыйна ад некалькіх гадоў праводзяць у памяць пра паэтку.

З Зэльвы паведамляе карэспандэнтка Радыё Рацыя Яна Запольская:

Каля бюста Ларысы Геніюш, які знаходзіцца непасрэдна пры царкве, вядомы беларускі літаратар, даследчык творчасці паэткі Міхась Скобла прэзентаваў новую кнігу пад назвай “Духу магутныя чары…”, якая гэтымі днямі выйшла ў выдавецтве “Лімарыюс”. Гэтая кніга сабрала шматлікія архіўныя матэрыялы, якія яшчэ захоўваюцца нават у дамах некаторых мясцовых жыхароў. Таксама выступіла вядомая беларуская гарадзенская паэтка Данута Бічэль, яка распавяла свае ўспаміны пра Ларысу Геніюш, пра той дом, у які яна сюды прыязджала, дзе нашая паэтка жыла разам з мужам Янкам Геніюшам.

На мерапрыемстве прысутнічала даволі шмат людзей. Тут прадстаўлены Гародня, Ліда, Слонім, Мастоўшчына, Дзятлаўшчына, шмат мясцовых жыхароў, на жаль, з Менску прыехала нешматлікая група. Варта, напэўна, адзначыць, што на заклік мясцовых актывістаў прыехаць у Зэльву прэтэндэнтаў кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, ніхто з іх не з’явіўся.

DSC_0920

Данута Бічэль назвала Ларысу Геніюш сваёй “духоўнай маці”:

Я выехала са сваёй вёскі ў горад. Мая мама не давала мне практычна ніякага такога выхавання, як сябе паводзіць, таму што мы жылі на хутары, усё людзі там былі мае цёткі і вельмі блізкія людзі. Усё гэта я атрымала ў зэльве, што такое беларуская гасціннасць, іншыя такія рэчы. Ну і канешне, галоўнае – гэта літаратура.

DSC_0918

Як кажа Міхась Скобла, збор матэрыялаў працягваецца ўвесь час, якраз у дзень, калі творчая інтэлігенцыя адзначала 105-ыя ўгодкі з дня народзінаў паэткі, да яго ў руку трапіў цікавы фотаздымак:

Прыйшла зальвянка Ірына Свячэйка і прынесла мне фотаздымак пражскі, дзе Ларыса Геніюш з Юркам, такім модным фацэтам у капелюшы, з подпісам на адвароце дзеду спадарыні Ірыны – Кастусю Свячэйку “Вернаму сторажу беларускай мовы дарую сваю фатаграфію, з каханнем Ларыса Геніюш. 2 мая 1943 года”. Вось колькі гадоў захоўвалася ў сям’і гэтая каштоўная рэліквія, але пасля нашай вечарыны спадарыня Ірына вось проста ўручула мне гэты фотаздымак, і ў мяне ён вось тут, на сэрцы, ляжыць.

Міхась Скобла сказаў, што раней у Зэльве знайшоў прас, якім карысталася Ларыса Геніюш з надпісам “Прага”, а таксама крэслы з яе хаты ды іншыя рэчы. Таму не выключае, што ў будучыні ўзнікне музей паэткі, куды і трапяць усе гэтыя знаходкі.

Пры царкве адбылася прэзентацыя кніжак, паэты чыталі вершы, а таксама выступілі барды. Пасля ўдзельнікі імпрэзы паехалі і ўсклалі кветкі на магілу Ларысы і Янкі Геніюшаў на мясцовых зэльвенскіх могілках. Завяршалася ўрачыстасць больш працяглым канцэртам у мясцовасці Беражкі непадалёк Зэльвенскага вадасховішча.

Беларускае Радыё Рацыя, фота Уладзіміра Хільмановіча