Уладзімір Караткевіч і хрысціянства



„Уладзімір Караткевіч і хрысціянства” – пад такой назвай прайшла вечарына ў Гародні. Яе арганізавалі вернікі свята-пакроўскага кафедральнага сабора. На колькі ж хрысціянскім быў пісьменнік і паэт Караткевіч? На гэта пытанне адказвалі святары і навукоўцы. Кажа святар Георгі Рой, настаяцель сабора:

– Уладзімір Караткевіч – гэта самы любімы беларускі пісьменнік сярод нашага духавенства. І вось пачалася такая дыскусія: якое ж яго стаўленне да хрысціянства, да царквы? Выявілася, што нашы думкі разыходзяцца. Дыскусія была цікавая. І тады ўзнікла ідэя вынесці гэту тэму на больш шырокую аўдыторыю і запрасіць людзей, якія маглі б цікава і кампетэнтна адказаць на тыя пытанні, якія ў нас узніклі.

Як заўважыў у час дыскусіі госць з Менска Ціхан Чарнякевіч, Уладзімір Караткевіч быў бы ўсцешаны, што ўся імпрэза прайшла на роднай мове. Менскі госць падараваў бібліятэцы праваслаўнага прыходу Свята-Пакроўскага сабора апошні нумар часопіса „Дзеяслоў”, дзе апублікаваны  невядомы дзённік Уладзіміра Караткевіча.

Напрыканцы вечарыны айцец Георгі Рой падсумаваў: талент славутага літаратара – гэта вялікі божы дар для Беларусі.

Таксама на імпрэзе выступілі прафесар Аляксей Пяткевіч, манах Ян Бембель, паэт Анатоль Брусевіч, святары Павел Каспяровіч ды Георгі Рой.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара