Унікальныя медалі да Фестывалю нацыянальных культур



Адмыслова да ХІ Фестывалю нацыянальных культур у Гародні дванаццаць медалёў зрабіў майстар-каваль Юрый Вербаль.

IMG_5061

Стальныя каваныя медалі перацярпелі складаны працэс коўкі і з’яўляюцца ўнікальнымі. Пра свае вырабы расказвае майстар:

– Гэта выява кветкі, якая з’яўляецца сімвалам Фестывалю нацыянальных культур, важыць дзесьці грамаў 200-250. Я вырашыў зрабіць каваны медаль. Наколькі гэта ўдалося, будуць судзіць людзі, якія яго ўбачаць. Мне было цікава над гэтым працаваць, бо каб зрабіць гэты штамп, трэба было шмат хітрасцяў прымяніць.

На аверсе медаля выява кветкі, як сімвала фэсту, над якой беларускай лацінкай надпіс: „Hrodna”. На рэверсе штамп, стылізаваны пад даматканую тканіну.

IMG_5062

Мастак спрабаваў выкарыстаць тэхналогію пошуку колеру пабежнасьці сталі, так, каб колеры пялёсткаў сімвала фэсту былі відаць на чорным каваным медалі.  Набыць унікальныя медалі майстра-каваля Юрыя Вербаля можна толькі ў „краме Ц”, на вуліцы Вялікая Траецкая.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара