Упершыню выдадзены творы заходнебеларускага паэта



Напярэдадні XVII  справаздачна-выбарчага з’езду ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” з небыцця вернута яшчэ адно імя беларускага літаратара. Менскае выдавецтва “Кнігазбор” упершыню ў гісторыі беларускай літаратуры асобнай кнігай выпусціла паэтычныя творы заходнебеларускага паэта і грамадскага дзеяча Аўгена Бартуля (1908- пасля 1947). Кніга мае назву “Князёўна”. Яе склаў, напісаў да яе прадмову і каментар даследчык нашай літаратуры са Слоніма Сяргей Чыгрын.

Аўген Бартуль у свой час скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. У 1920-я гады быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза, уваходзіў у яго Раду. Пасля ўніверсітэта працаваў следчым на Лідчыне, Вільні і ў Варшаве. Друкаваўся з 1925 года. З вершамі, апавяданнямі і крытычнымі артыкуламі выступаў у шматлікіх калектыўных зборніках, альманахах Заходняй Беларусі, а таксама ў часопісах “Беларуская культура”, Беларуская крыніца”, “Шлях моладзі”, “Студэнцкая думка”, “Калосьсе” і ў іншых. У канцы 1930-х гадоў пакінуў пісаць. Акрамя таго, забараніў перадрукоўваць свае творы.

Для дзеячаў БССР творчасць Бартуля была чужой. У 1932 годзе Алесь Салагуб у “ЛіМе” напісаў, што Бартуль, разам з Арсенневай, Ільяшэвічам і Машарам “актыўныя аружжаносцы беларускай контррэвалюцыі ў літаратуры, сьпявакі беларускай „Пагоні“ — сымбалю беларускай буржуазнай дзяржаўнасьці, рэакцыйныя пісакі, паборнікі рэакцый і папоўшчыны — актыўныя ворагі Совецкай Беларусі”.

Сёння ўпершыню паэтычная творчасць таленавітага паэта Аўгена Бартуля вярнулася да беларусаў.

Беларускае Радыё Рацыя