Ушанавалі паэта, які змагаўся за беларускія школы



У Азярніцкай сельскай бібліятэцы Слонімскага раёна адбылася вечарына, прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння заходнебеларускага вясковага паэта Алеся Сучка (Пятра Дабрыяна).

img_3026

У пасляваенныя гады Алесь Сучок жыў з сям’ёй у вёсцы Азярніца. Там працаваў старшынём сельскага Савета, на чыгуначнай станцыі Азярніцы,  загадчыкам клуба, на гаспадарцы. А ў 1930-х гадах на Слонімшчыне, разам са сваімі равеснікамі патрабаваў ад польскіх уладаў адкрыццё беларускіх школ, пісаў вершы, хадзіў з транспарантамі па вёсках. А потым сядзеў за гэта ў Картуз-Бярозе і ў Слоніме. Вершы нават пісаў алюміневай лыжкай на сцяне за кратамі.

img_3044

Пра ўсё гэта прыгадвалі падчас ушанавання Алеся Сучка ў вясковай бібліятэцы, куды сабраліся мясцовыя школьнікі, культработнікі, вяскоўцы, якія добра ведалі Пятра Дабрыяна. У гэты вечар гучалі вершы паэта, якія чыталі вучні Азярніцкай школы. Унучка Алеся Сучка Аксана паказала слайды пра свайго дзеда, рукапісы яго твораў, шчыра дзякавала ўсім за памяць пра дзядулю.

Пісьменнік Сяргей Чыгрын, які ў 2012 годзе сабраў паэтычную спадчыну Алеся Сучка і выдаў асобнай кніжачкай пад назвай “Захацелася шчасця”, успомніў цікавыя імгненні з жыцця паэта, сустрэчы з ім, гутаркі.

Пра свайго таленавітага земляка вялі гутарку і старэйшыя вяскоўцы. Была ў бібліятэцы арганізавана і выстава, якая распавядала пра жыццёвы і творчы шлях паэта з вёскі Азярніца.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён  

Фота аўтара