Ва Украіне забаранілі “рускі шансон”



Ва Украіне забараняюць праслухоўванне ў грамадскім транспарце расейскіх блатных песень, вядомых таксама як “рускі шансон”. Пакуль забарона дзейнічае на мясцовым ўзроўні. Забарона “рускага шансона” ужо набыла моц у Луцку, Чаркасах, Львове і ў Тэрнопалі.  Мяркуецца, што кіроўцаў маршрутак, якія будуць круціць у салонах расейскі “блатняк”, стануць штрафаваць.

Пра прычыны такой забароны распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Шансон як музычны жанр з’явіўся ў Францыі напрыканцы 19-га стагоддзя ў парыжскіх кабарэ. У перакладзе з французскай “шансон” уласна і азначае “песню”. У розныя часы ў гэтым жанры выступалі Шарль Азнавур, Джо Дасэн, Серж Гензбур, Мірэй Мацье ды іншыя.

У расейскай папулярнай музыцы пад “шансонам” чамусьці маюцца на ўвазе песні, прысвечаныя цяжкаму жыццю за калючым дротам, з вельмі спецыфічным зместам: “Меня мама на этапе родила», «Братва, не стреляйте друг в друга» ды ім падобныя.

Шмат хто ва Украіне мяркуе, што падобныя песні не дадаюць людзям культуры, да таго ж, яны рамантызуюць і эстэтызуюць арганізаваную злачыннасць. Адсюль і забароны. Але ж, з іншага боку, “рускі шансон” рэгулярна гучыць па шмат якіх украінскіх радыёстанцыях, і таму татальна забараніць яго ў грамадскіх месцах амаль немагчыма.

Першай постсавецкай краінай, дзе расейскія блатныя песні былі забаронены законам, стала Грузія часоў Міхаіла Саакашвілі. У адказ Масква абвінаваціла тагачаснага грузінскага лідара ў русафобіі. Відавочна, падобнае абвінавачванне прагучыць цяпер і ў адрас украінскіх уладаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота music70-80.narod.ru