Вандроўка на „Выспу” ад Таццяны Козік



Адкрыцці выставаў полацкай мастачкі Таццяны Козік звычайна ператвараюцца ў тэатральныя дзеі. Не стала выключэннем і прэзентацыя вернісажу габеленаў «Выспа», што адбылася ў самай прэстыжнай выставачнай зале Полаччыны – Мастацкай галерэі. У імпрэзе ўзяў удзел фальклорны гурт «Варган» (кіраўніца калектыву – Вольга Емяльянчык), – дзяўчаты не толькі спявалі беларускія архаічныя песні, але таксама выступілі ў якасці мадэляў для новай калекцыі жаночага ільнянога адзення Таццяны Козік.

Таццяна ў сваім слове патлумачыла ідэю выстаўкі і нават расказала пра асобныя рэчы, якія яна выкарыстала ў экспазіцыі, – іх яна правезла з вандровак на сапраўдныя азёрныя беларускія выспы. Для выканання некаторых працаў габеленшчыца выкарыстала ільняныя ніткі, якія былі зроблены архаічным спосабам у сярэдзіне 20 стагоддзя.

Святлана Баранкоўская, старшыня абласной арганізацыі Беларускага Саюза Мастакоў, сказала ў сваім выступе, што ў Беларусі засталіся лічаныя мастакі па тэкстылю, якія працуюць з ільном, сярод іх і Таццяна Козік.

Беларускае Радыё Рацыя Фота Васіля Кроквы.