Вечар паэта, які перажыў тры рэжымы



Я тры рэжымы перажыў:

Быў пан, быў гітлераў, “таварыш”.

А памяць кажа: беражы,

Каго яны закатавалі…

Гэтыя радкі належаць слонімскаму паэту Анатолю Іверсу (Івану Міско), якому 15 траўня спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння. Вечар-падарожжа “Жыву ў бацькоўскім краі”па жыцці і творчасці паэта з нагоды яго 105-годдзя адбыўся ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа.

На вечары слонімскія бібліятэкары расказалі пра жыццёвы і творчы шлях паэта, паказалі пра яго творчасць цікавыя слайды. Вучні старэйшых класаў гарадскіх школ прачыталі вершы розных гадоў Анатоля Іверса, а былая настаўніца роднай мовы Таццяна Трафімчык пазнаёміла прысутных са сваім уласным літаратурным аглядам творчасці паэта.

Пісьменнік Сяргей Чыгрын прыгадаў пра сустрэчы з Анатолем Іверсам, пра розныя жыццёвыя сітуацыі, звязаныя з паэтам, успомніў той час, калі Іван Міско і яго равеснікі яшчэ жылі ў Слоніме, сустракаліся з чытачамі, выдавалі свае кнігі.

Пра Анатоля Іверса згадвалі і старэйшыя слонімцы. А ўспаміны пра паэта і чытанне вершаў суправаджалася беларускімі народнымі песнямі ў выкананні ансамбля “Сузор’е”.

Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара