Вечар трох прэміяў



Беларускі ПЭН-цэнтр уганараваў літаратурнымі прэміямі Уладзіміра Арлова, Святлану Марозаву, Дзяніса Лісейчыкава і Якуба Лапатку.

Прэмія імя Карласа Шэрмана ўручаецца за найлепшы пераклад літаратурнага твору на беларускую мову. Прэмія ўручалася ўпершыню. Першым яе лаўрэатам стаў Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы эпаса «Калевала».

dsc_0416

Прадстаўнік фонда «Вяртанне» Сяргей Макарэвіч уручыў пераможцу адмысловую картку для атрымання грошай

Лаўрэат выказаў спадзеў, што гэтая прэмія дазволіць перакладчыкам выйсці з ценю аўтараў, а таксама распавёў чаму вырашыў узяцца за пераклад такога манументальнага сусветнавядомага твору.

— Кожны мастак марыць напісаць Сікстынскую мадонну або Мону Лізу, паэт — напісаць нешта накшталт «Іліяды», ну а перакладчыкі таксама хочуць зрабіць нешта такое эпахальнае, манументальнае. Беларусаў увесь час папракалі: няма тэрміналогіі, няма славутых перакладаў, славутых эпасаў.

Падчас цырымоніі сябры журы згадвалі асобу Карласа Шэрмана, культавага перакладчыка, які пайшоў з жыцця ў 2005 годзе.

Прэмія для перакладчыкаў імя Карласа Шэрмана заснаваная Саюзам Беларускіх пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам ды Дабрачынным фондам „Вяртанне”. Апошні прадугледзеў прыемны бонус для лепшага  перакладчыка — грашовую ўзнагароду ў памеры двух тысяч еўра.

Прэмію імя Алеся Адамовіча (за найлепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці) атрымаў Уладзімір Арлоў за кнігу «Імёны Свабоды».

dsc_0348

Прэмія Францішка Багушэвіча сёлета прысуджаная Святлане Марозавай за кнігу „Сваёй веры ламаць ня будзем…”: супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780 — 1839 гады)” і Дзянісу Лісейчыкаву за працу „Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596-1839 гг”. Прэмія ўручаецца за выдатную гістарычную прозу, якая спрыяе абуджэнню гістарычнай свядомасці чытачоў.