Вечарына памяці Міхася Чарняўскага



У Менску ўшануюць памяць выдатнага археолага, пісьменніка і грамадскага дзеяча Міхася Чарняўскага. 10 сакавіка ў Менскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбудзецца адмысловая вечарына.

Charniauski

У бібліятэцы збяруцца блізкія, сябры, калегі і вучні Чарняўскага. Сярод іх – гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў:

– Міхал Міхалыч – цудоўны, выбітны археолаг, па-першае. Гэта чалавек, які стаіць ля падмуркаў нашага другога беларускага адраджэння. Чарняўскі, Баразна, Пазняк, Кулік, Марачкін – гэта тыя самыя людзі, на той час хлопцы, дзякуючы якім, уласна кажучы, Рэспубліка Беларусь сёння ў нас і існуе. Ён таксама аўтар выдатных гістарычных кніг, у тым ліку мастацкіх.

7 сакавіка Міхасю Чарняўскаму споўнілася б 78 гадоў. На вечарыне яго памяці будзе прэзентаваны зборнік навуковых артыкулаў “Супольнасці каменнага і бронзавага вякоў міжрэчча Віслы і Дняпра”. Першая частка зборніка ўтрымлівае ўспаміны калегаў, вучняў і сяброў Чарняўскага. Другая – складаецца з артыкулаў канферэнцыі, што ладзілася да яго 70-годдзя. Пачатак вечарыны а 18-й гадзіне.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя