Вершы і песні гучалі ў вясковых школах



Беларускія бард Андрэй Мельнікаў і літаратар, гісторык, краязнавец Сяргей Чыгрын правялі тры сустрэчы ў адзін дзень у вясковых школах Слонімшчыны. Цікавых творчых людзей шчыра віталі настаўнікі і вучні Міжэвіцкай, Сялявіцкай і Шылавіцкай школ.

Андрэй Мельнікаў радаваў прысутных сваімі новымі песнямі, праводзіў розныя творчыя конкурсы, адказваў на пытанні настаўнікаў і вучняў. А пытанняў было шмат. Адна са школьніц запытала ў гасцей, ці заўсёды і ўсюды яны размаўляюць па-беларску? Госці адказалі: так. Тады дзяўчынка сказала, што і яна заўсёды будзе размаўляць толькі на роднай мове. У Сялявіцкай школе пасля сустрэчы адзін з хлопчыкаў асмеліўся і вырашыў пачытаць гасцям свае ўласныя вершы. Яны ім спадабаліся.

Сяргей Чыгрын распавёў прысутным пра свае творчыя планы і пра тыя кнігі, якія сёлета выйшлі з друку. Найперш, гэта пра сваю ўласную кнігу “Слонім і ваколіца” і пра кнігу аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры Кандрата Лейкі “Пан Трудоўскі”.

Падчас сустрэч настаўнікі выказалі свае пажаданні, каб падобныя спатканні з творчымі беларускімі літаратарамі, мастакамі, гісторыкамі, артыстамі, бардамі адбываліся ў вясковых школах часцей, бо менавіта такіх цёплых сустрэч ім заўсёды не хапае.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён. Фота аўтара.