«Возера радасці» у Гародні



Самы шчыры, па словах аўтара, раман пра беларускую рэчаіснасць “Возера Радасці” пісьменнік Віктар Марціновіч прадставіў у Гародні дзякуючы кампаніі «Будзьма Беларусамі». Дзве гадзіны сустрэчы ў «Доме46» праляцелі за кампліментамі ў бок гарадзенцаў. Для гарадзенскай сустрэчы аўтар выбраў адмысловыя словы і тым цікавей быў яго расповед пра раман.

— Гарадзенская публіка ўспрыняла даволі станоўча. Людзей было вельмі шмат, але справа не ў тым, што іх было шмат, бо ў Берасці, напрыклад, людзей было больш, але ў тым, што яны былі вельмі абазнаныя. Яны, напрыклад, прапанавалі мне зачытаць фрагменты і сапраўды слухалі тыя фрагменты. Гэта дзівосна, бо ў Менску, напрыклад, ніхто ўжо чытання літаратуры не слухае. То бок гэты былі цудоўныя, невыпадковыя людзі.

Арганізатар сустрэчы Хрысціна Марчук:

— Кампанія «Будзьма беларусамі» шчаслівая рабіць сустрэчы Віктара Марціновіча з чытачамі ў розных гарадах, бо вы самі бачылі зацікаўленасць публікі, папулярнасць ягоных раманаў. Гэтыя кнігі цудоўна прадаюцца. Ну і як тут не зрабіць прэзентацыю? Грэх быў бы яе не зрабіць. Ну а гарадзенцам пашанцавала, бо, як прызнаўся Віктар, ён зараз з′язджае працаваць за мяжу на паўгода.  Таму, шчаслівы той, хто сюды трапіў.  

Кнігу Віктара Марціновіча «Возера радасці» можна набыць у Гародні ў двух месцах – кнігарні «Праметэй» і ў энта-краме «Цудоўня»,  якая толькі ўчора пачала гандляваць таксама і кнігамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня