Цюрколаг: Пераход Казахстана на лацінку гістарычна абгрунтаваны



Казахстан адмаўляецца ад кірыліцы. Краіна вернецца да лацінскага шрыфта да 2025 года, а ўжо налета распачнецца пераходны перыяд. Пра гэта заявіў кіраўнік Казахстана Нурсултан Назарбаеў.

Такі падыход мае гістарычнае абгрунтаванне, мяркуе цюркскі філолаг Вячаслаў Чэрнеў. Казахі, як і ўсе іншыя мусульманскія народы былой Расейскай імперыі, спачатку карысталіся арабскім пісьмом. Але ў ХХ стагоддзі дзеля спрашчэння ўсеагульнага навучання была ўведзена лацінка. Кірыліца ж была навязана казахам ужо ў сталінскія часы, гаворыць Вячаслаў Чэрнеў:

– Да рэвалюцыі вельмі шырока выкарыстоўваўся арабскі алфавіт. Але, калі мы кажам, што ён выкарыстоўваўся вельмі шырока, гэта не значыць, што яго ведалі ўсе. Па-першае, сам алфавіт дастаткова складаны, па-другое, не было агульнай даступнасці школаў, як мы гэта маем цяпер.

На кірыліцу іх усіх пераводзілі палітычным шляхам. Перавод не быў прадыктаваны рэальнымі патрэбамі сістэмы адукацыі, як гэта было з пераходам ад арабіцы да лацінкі. Гэта быў хутчэй палітычны акт, бо вельмі сапсаваліся стасункі з Турэччынай.

РР: А ў якім годзе адбыўся пераход на кірыліцу?

Вячаслаў Чэрнеў: Гэта было як раз перад вайною: 1939, 1940, 1941 гады, залежыць ад канкрэтнай мовы.

РР: То бок, спачатку было арабскае пісьмо, потым у межах паўсюднай адукацыі вырашылі перайсці на лацінскі алфавіт, а пазней гвалтоўна, па загадзе з Масквы, усе, скажам так, мусульманскія народы, у тым ліку і казахі, перайшлі на кірыліцу?

Вячаслаў Чэрнеў: Менавіта так. Але пераход на лацінку таксама меў палітычны кантэкст – добрыя стасункі з “рэвалюцыйнай Турэччынай”. Але, рэч у тым, што пераход на лацінку адбываўся даволі грунтоўна ў выпадку татарскай, башкірскай і казахскай моваў. Былі газеты, было пакаленне шкаляроў, якія вучыліся на лацінцы, былі тыя, хто вельмі актыўна гэтым пісьмом карыстаўся.

РР: Кіраўнік Казахстану Нурсултан Назарбаеў кажа, што пераход на лацінку ўздыме прэстыж казахскай мовы.

Вячаслаў Чэрнеў: Цікавы факт, што казахі, якія жывуць у Заходняй Еўропе, у Аўстраліі – тыя, хто эміграваў туды яшчэ падчас рэвалюцыі, яны выкарыстоўваюць лацінскі алфавіт. А наконт прэстыжу, калі мы возьмем пад увагу, што ангельская Вікіпедыя выкарыстоўвае арыгінальную арфаграфію шмат якіх чужых імёнаў, назваў і г.д., калі гэтая арфаграфія на базе лацінскае графікі.

РР: То бок, пераход на лацінку – гэта такое адкрыццё на Захад?

Вячаслаў Чэрнеў: Часткова так.

РР: Варта ўзгадаць, што беларусы таксама маюць традыцыю лацінскага алфавіту. Уся наша класіка ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя была напісана менавіта лацінкай. Ці варта Беларусі ў будучыні, калі не адмаўляцца ад кірыліцы, то прынамсі абвясціць дзяржаўную беларускую мову двухалфавітнай, як гэта зроблена ў той самай Сербіі альбо Чарнагорыі? Якая Ваша думка як філолага?

Вячаслаў Чэрнеў: Я не маю права аднаасобна нешта тут ацэньваць, але на мой погляд, няхай суіснуюць дзве традыцыі. А вы ж ведаеце, што іх было тры! Мы маем беларускую кірыліцу, беларускую лацінку, у гісторыі таксама беларускі арабскі алфавіт.

РР: Ну так, аль-кітабы беларускіх татараў…

Вячаслаў Чэрнеў: Цяпер арабскі алфавіт фактычна ўжо не выкарыстоўваецца, можа ёсць знаўцы, але няма тых, хто карыстаўся б ім на штодзень. З лацінкай і кірыліцай, я думаю, усё вырашыцца такім самым чынам, як у Сербіі. Проста дзяцей са школьнага ўзросту трэба вучыць, што існуюць розныя традыцыі выкарыстання беларускай мовы. І вядома, што некаторыя захочуць перайсці на лацінку, каб падкрэсліць еўрапейскасць, а некаторыя, спасылаючыся на гістарычную традыцыю, захочуць застацца пры кірыліцы. Гэта, вядома, асабістая справа кожнага, абедзве традыцыі мове зусім не перашкаджаюць. Іншая справа, што праз лацінку мову можна вельмі добра папулярызаваць, проста з гэтага трэба ўмела карыстацца.   

Казахстан далёка не першая краіна, якая вырашыла перавесці сваю мову на лацінскі алфавіт. Піянерам у гэтай галіне была Турцыя, а пасля распаду СССР да лацінкі вярнуліся Азербайджан, Малдова, Туркменістан ды Узбекістан. Падобны крок намагалася зрабіць Рэспубліка Татарстан, якая з’яўляецца часткай Расейскай Федэрацыі. У 1999 годзе мясцовыя ўлады нават прынялі адпаведную пастанову, але яна была заблакавана Масквой.

Цалкам інтэрв’ю ў гукавым фармаце:

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя