Выйшаў другі нумар “Слонімскага краю”



Выйшла электронная версія другога нумара краязнаўчага бюлетэню “Слонімскі край”, які рыхтуюць гісторыкі Васіль Герасімчык (Гародня), Сяргей Ёрш (Менск) і Сяргей Чыгрын (Слонім).

Па-першае, бюлетэнь з 12 старонак вырас да 16 старонак. Па-другое, пасля выхаду першага нумара на адрас бюлетэню паступіла шмат станоўчых водгукаў. Напрыклад, Анатоль Бутэвіч, былы міністр культуры, краязнавец і літаратар, напісаў на электронную пошту выдання: “Вялікі дзякуй за бюлетэнь, а яшчэ больш — за тое, што вы робіце. Малайцы! Хай спрыяе вам Бог і людзі”.

SK201602

Другі нумар “Слонімскага краю” адкрываецца матэрыялам, прысвечаным 100-годдзю слонімскага перыядычнага друку. Акрамя гэтага, у нумары шмат разнастайнай інфармацыі па гісторыі Слонімшчыны і яе знакамітых людзях, найперш тых, хто займаўся даследаваннем роднага краю: Васіля Супруна, Анатоля Мельнікава, Станіслава Лорэнца, Гальяша Леўчыка. Цікава чытаюцца артыкулы пра пячаткі Слоніма, малы канал Агінскага, першы даведнік, прысвечаны Слоніму, і шэраг іншых матэрыялаў. Поўнасцю з выданнем чытачы могуць пазнаёміцца на сайце.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя